ХВАЁВЫЯ ЛЯСЫ́, хвойнікі, сасновыя лясы, саснякі,

фармацыя карэнных хвойных лясоў, у дрэвастоі якіх пераважае хвоя. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я, таксама ў гарах Паўд. паўшар’я. У свеце займаюць плошчу каля 325 млн. га.

На Беларусі займаюць 3940 тыс. га. або 50,2% плошчы лясоў. Пашыраны ва ўсіх геабат. падзонах, акругах і раёнах. Амплітуда глебавых умоў шырокая — ад сухіх пясчаных глеб да вярховых балот. Дрэвастоі Х.л. складаюцца з хвоі звычайнай з нязначным дамешкам бярозы павіслай, асіны і елкі. Прадукцыйнасць насаджэнняў ад Ia да Va класаў банітэту. Сярэдні запас спелага (80-гадовага) дрэвастою 200—220 м³/га. У межах фармацыі Х.л. вылучаюць 4 асн. эдафічна спалучаныя субфармацыі: монадамінантныя хвойнікі (бары), ялова-хваёвыя лясы (субары), дубова-хваёвыя і балотныя хвойнікі. Вылучаюць 12 тыпаў Х.л.: імшыстыя (42,1% пл. Х.л.), верасовыя (19,7%), чарнічныя (12,8%), даўгамошныя (5,1%), арляковыя (4,1%), бруснічныя (2,9%), багуновыя (2.6%), сфагнавыя (2,4%), лішайнікавыя (2,4%), асакова-сфагнавыя (2,2%), кіслічныя (2,1%), асаковыя (1,6%). Даюць высакаякасную драўніну, выкарыстоўваюцца для атрымання жывіцы, з’яўляюцца месцам пражывання дзікіх звяроў і птушак. Маюць важнае вода- і глебаахоўнае, санітарна-гігіенічнае значэнне.

Літ.:

Юркевич И.Д., Ловчий Н.Ф. Сосновые леса Белоруссии. Мн., 1984;

Ловчий Н.Ф. Экологический анализ структуры и продуктивности сосновых лесов Беларуси. Мн., 1999.

М.​Ф.​Лоўчы.

Хваёвыя лясы: 1 — імшысты; 2 — верасовы; 3 — арляковы.

т. 16, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)